Новости
01.05 Новости
Як праходзіла свята вёскі Хварасцяні
главное
1028 дня(-ей) назад
2
4

На трох вуліцах вёскі Хварасцяні Каменскага сельсавета ўсяго каля 20 двароў, у якіх стала пражывае толькі 10 жыхароў. Але на свята вёскі 10 ліпеня сабралася нашмат болей людзей: дзеці, унукі, праўнукі мясцовых, якія кожнае лета вяртаюцца ў родны куточак з гарадоў.

Для іх калектыў Каменскага сельскага клуба падрыхтаваў цудоўную святочную праграму. Зорачкай на ёй ззяла дзяўчынка Улляна Буднік, якая выступала і сола, і разам з бабуляй Ганнай Безмен, а таксама са Святланай Япішкай, загадчыцай клуба Аксанай Мяцельскай, мастацкім кіраўніком Вольгай Енінай.

Арганізатары свята падрыхтавалі для мясцовых жыхароў падарункі. Адзін з іх быў адрасаваны самаму малодшаму – Арцёму Данілаву, які з’явіўся на свет 27 красавіка 2021 года. У спёку Арцёмка разам з мамай знаходзіўся ў хаце, таму віншаванні замест яго прымалі маладыя прадзядуля і прабабуля Мікалай і Тамара Макаранкі, праўнука якім падарыла іх унучка Аліна.

Муж і жонка атрымалі яшчэ адзін падарунак ад сельсавета – як сямейная пара, якая шмат гадоў ідзе па жыцці разам.

Не засталіся без увагі і старажылы – Алена Дзямідчык, Іван Паўловіч, Зінаіда Зеляноўская.

Алена Калеснікава 6 гадоў даглядае ў Хварасцянях маму Алену Дзямідчык, якой споўніўся 91 год. Яна па гасціннай беларускай традыцыі ад імя ўсіх жыхароў вёскі падала хлеб-соль гасцям мерапрыемства. Уладзіслаў Гаруновіч, галоўны спецыяліст упраўлення архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, пажадаў росквіту цудоўнаму куточку Лагойшчыны, каб жыццё вёскі было шчаслівым.

Старшыня Каменскага сельвыканкама Аксана Жолудзь таксама павіншавала прысутных, зазначыўшы, што ў Хварасцянях жывуць вельмі дружныя людзі.

– Адно пакаленне сыходзіць, другое прыходзіць, – сказала Аксана Фёдараўна, – але дзякуючы вам вёска жыве, такая ўтульная, прыгожая і дагледжаная.

Для аздаблення святочнай пляцоўкі амаль з кожнай хаты вяскоўцы вынеслі ручнікі, старадаўнія прылады працы.

Напрыклад, Анатоль Філіповіч адзначыў, што пры дапамозе маслабойкі, якую ён трымае ў руках, столькі масла было зроблена!

Шмат можна расказваць пра кожнага жыхара. Яны ў суботу спявалі, танцавалі, удзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі, з радасцю куплялі марожанае ў аўталаўцы, якая спецыяльна прывезла пачастункі на свята.

Алена Масцерава.

Падрабязней пра свята чытайце ў бліжэйшым выпуску раённай газеты "Родны край".