Новости
01.05 Новости
Унікальны інклюзіўны спектакль прайшоў у Лагойску
главное
12 дня(-ей) назад
2
4

У Лагойскім цэнтры культуры адбыўся паказ незвычайнага спектакля. Пастаноўку рэжысёра Паўла Адамчыкава па матывах вядомай казкі "Брэменскія музыканты" прывёз у райцэнтр народны маладзёжны тэатр эстрады Рэспубліканскага палаца культуры імя М. Ф. Шарко. Гэта ўстанова культуры дзейнічае пры грамадскім аб’яднанні "Беларускае таварыства глухіх", і людзі з парушэннямі слыху выступаюць на адной сцэне разам з прафесійнымі акцёрамі і студэнтамі Акадэміі мастацтваў. Акрамя маладзёжнага тэатра тут працуюць такія славутыя калектывы, як народны тэатр пантамімы "Рух", народны ансамбль танца "Мітусь".

Унікальнасць спектакля, які прывезлі сталічныя госці, заключаецца яшчэ і ў тым, што ён даступны для асоб з аслабленым зрокам і слыхам. Падчас дынамічнай музычнай дзеі ажыццяўляецца сурдапераклад таго, пра што спяваецца на сцэне.

Яркія вобразы, эфектныя касцюмы і дэкарацыі, сучасныя хіты, цыркавыя элементы робяць уражанне ў першую чаргу на дзяцей. А дарослым акрамя гэтага прыемна слухаць музыку з вядомага савецкага мультфільма, назіраць за развіццём пачуццяў паміж галоўнымі героямі.

Як расказаў намеснік дырэктара РПК імя М. Ф. Шарко Валерый Донгузаў, спектакль быў падрыхтаваны менш чым за паўгода, і яго прэм’ерныя паказы з вялікім аншлагам ужо прайшлі ў Мінску, Валожыне, Івянцы і Баранавічах, яшчэ плануюцца ў маі ў Нясвіжы і Гарадзеі.

У Лагойску ж публікі было мала. Але тыя гледачы, што знайшлі час на гадзінку тэатральнай творчасці, атрымалі шмат станоўчых эмоцый ад выступлення калектыву, які мае амаль паўвекавую гісторыю, у розныя часы неаднаразова станавіўся лаўрэатам прэстыжных тэатральных конкурсаў.

Па словах прадстаўнікоў тэатра, на дадзены момант рыхтуецца яшчэ адна пастаноўка -- "Маўглі", а гэта значыць, што неўзабаве з’явяцца афішы з новым спектаклем, які варта наведаць.

Алена Масцерава.