Новости
01.05 Новости
Ветэрана з Лагойска Дзмітрыя Паповіча віншавалі з аркестрам
главное
1092 дня(-ей) назад
2
4

У пятніцу, 7 мая, віншаванні з наступаючым Днём Перамогі прымаў 96-гадовы ветэран Вялікай Айчыннай вайны Дзмітрый Паповіч. У двары яго дома на вуліцы Харчанка ў Лагойску сабралася шмат гасцей.

Ушанаваць ветэрана прыйшлі намеснік старшыні Мінаблавыканкама Іван Маркевіч, старшыня райвыканкама Аляксандр Ласевіч, ваенны камісар Юрый Шэрсцень, першы сакратар райкама БРСМ Аджар Чэвік, старшыня райарганізацыі Беларускага саюза жанчын Галіна Бычкоўская і іншыя.  

Дзмітрый Яўстаф’евіч і яго жонка Галіна Паўлаўна атрымалі ад удзельнікаў мерапрыемства самыя шчырыя словы ўдзячнасці і павагі, ім уручылі кветкі і падарункі.

З пранікнёнымі вершамі выступілі на святочнай цырымоніі вучні 1 «Г» класа СШ № 1 г. Лагойска, а сямікласнікі гэтай школы пусцілі ў неба паветраныя шары.

Песня ваенных гадоў прагучала ў выкананні работнікаў культуры.

Прыемным сюрпрызам стала музычнае выступленне ваеннага аркестра 30-й асобнай Чырванасцяжнай чыгуначнай брыгады з г. Слуцка.

Дзмітрый Паповіч быў па-добраму ўражаны такой пашанай і выказаў падзяку за падораны радасны настрой, за сапраўднае свята.

– Ветэранаў засталося, на жаль, вельмі мала, – сказаў напрыканцы мерапрыемства Іван Маркевіч. – У Мінскай вобласці зараз пражывае 461 ветэран. І старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын прыняў рашэнне дайсці, даехаць да кожнага з іх, каб урачыста павіншаваць.

Сённяшняя падзея паказала, што ветэраны ў захапленні ад такой павагі, такіх адносін. Самае галоўнае, як было адзначана Дзмітрыем Яўстаф’евічам, гэта дае стымул жыць далей. А чым далей ветэраны жывуць, тым у нас памяць мацнейшая.

На працягу многіх гадоў мы ўпэўніваемся, што такія мерапрыемствы трэба праводзіць. Наша краіна сапраўды ў гэтым плане адрозніваецца ад іншых, мы ні ў кога не бяром прыклад, а цэнім памяць, любім нашых ветэранаў, іх заслугі перад Айчынай.

Нягледзячы на пахмурнае неба і халоднае надвор’е, настрой ва ўсіх удзельнікаў святочнага мерапрыемства быў радасны, бо кожны з нас адчувае падзяку перад ветэранамі і рады далучыцца да іх віншавання.

Для даведкі: Дзмітрый Яўстаф’евіч Паповіч нарадзіўся ў сяле Батрацкае Вінніцкай вобласці ва Украіне. У 1942 г. пайшоў дабравольцам на фронт. Быў кулямётчыкам 373-й стралковай дывізіі. Прайшоў з баямі па тэрыторыі Польшчы, Румыніі, Венгрыі, атрымаў два раненні. Дзень Перамогі сустрэў у Берліне.

Пасля заканчэння вайны маладога салдата Дзмітрыя Паповіча направілі на вучобу ў Львоўскае ваеннае вучылішча. Служыў у Малдове, потым у Беларусі.

Пасля дэмабілізацыі, завочна скончыўшы Маскоўскі кааператыўны інстытут, працаваў у Лагойскім райспажыўтаварыстве да 60-ці гадоў, потым быў загадчыкам гаспадаркі ў райвыканкаме.

Біяграфію Дзмітрыя Паповіча можна прачытаць ў інфармацыйна-даведачным выданні «Беларусь помнит. Минщина гордится», якая выйшла ў 2020 годзе і змяшчае звесткі пра ветэранаў цэнтральнага рэгіёна.

Алена Масцерава.