Новости
01.05 Новости
Хутка Дзень абаронцаў Айчыны: выбіраем падарункі
главное
1533 дня(-ей) назад
2
4

Кожны год я заўсёды віншавала і віншую са святам свайго тату, які служыў у войску. З выбарам падарунка для яго праблем не ўзнікае: ён рады касметычным наборам для мужчын і іншым традыцыйным у такім выпадку прэзентам. А вось муж у арміі не быў, трое сыноў – яшчэ не дараслі да прызыўнога ўзросту, таму дома мы адзначаем свята пад назвай Дзень мужчын.

Рыхтавацца да сёлетняга 23 лютага я пачала загадзя, таму што малодшы трохгадовы хлопчык заказаў купіць яму цацачны светлафор. Я адчувала, што ў Лагойску яго не знайду, – так і выйшла. Таму цацку заказала ў інтэрнэт-магазіне.

Шукаючы падарункі іншым сваім мужчынам у чацвер, 20 лютага, убачыла ў магазіне фіксаванай цаны недарагія кнігі. Наш малы ў захапленні ад тэхнікі, таму энцыклапедыя «Транспорт и техника», упэўнена, яму будзе даспадобы.

У гэтым жа магазіне набыла падарачны набор для бацькі, які складаецца з рэменя, нататніка і ручкі. Няхай аксесуар не скураны – лішнім у гардэробе педагога ён дакладна не будзе. Тут жа прадаваліся розныя невялічкія прыемныя сувеніры, але іх выбар быў зусім не багаты, як рэкламавалася на сайце магазіна.

Прадаўцы абяцалі к вечару новы прывоз. А пакуль што бляшанка са шкарпэткамі Брэсцкага панчошнага камбіната стаяла на паліцы адна – астатнія ўжо разабралі.

Затое ва ўнівермагу «Гайна» іх учора хапала. Тут, дарэчы, прадаваліся і даволі прыстойныя наборы айчыннай касметыкі.

А для аматараў інтэлектуальнага спорту ёсць немалы выбар шахмат, як і для юных даследчыкаў можна выбраць цудоўную лупу.

Наборы касметычных сродкаў вядомых замежных фірмаў можна было знайсці ў «Лагойскім пасажы», «Замкавым», «Востраве чысціні».

У «Лагойскім пасажы» я купіла фрэнч-прэс для мужа-кавамана. Кафейнік стане дапаўненнем да гістарычнага выдання, якое набыла для яго ў кніжным інтэрнэт-магазіне.

У «Замкавым» знайшла набор канструктара для сярэдняга, 12-гадовага сына. Хай не «Лега», але на яго любімую ваенную тэму. Яго давялося купіць таму, што пасылка з «Аліэкспрэс» пакуль што так і не прыйшла – такое адчуванне, што жаданы ваенны набор з маленькімі лега-чалавечкамі дзесьці на каранціне.

Дадаткам да канструктара сыну стане займальны, з цікавымі заданнямі і коміксамі часопіс на роднай мове «Асцярожна: дзеці», які набыла ў кіёску «Белсаюздруку». Тут жа прадаюцца і паштоўкі, якімі можна павіншаваць мужчын.

Падарунак для старэйшага, 17-гадовага сына, у Лагойску не знайшла: каб падабраць яму байку, абышла ўсе магазіны. У выніку ён купіў моднае адзенне ў сталіцы сам. Але сюрпрыз для яго ўсё-такі будзе. Доктар выпісала для яго праблемнай скуры касметычныя сродкі французскай фірмы. Іх можна заказаць у аптэцы «Планета здоровья», што ў магазіне «Дамашні». І ўсё ж я не стала рызыкаваць: а раптам не паспеюць прывезці? – і купіла патрэбны гель і крэм у мінскім інтэрнэт-магазіне.

Добра, што ёсць магчымасць набываць падарункі ў інтэрнэце. Але і ў Лагойску цяпер ёсць шмат магазінаў, дзе пры жаданні можна знайсці і традыцыйныя, і незвычайныя падарункі для любімых мужчын.

Алена Масцерава. Фота аўтара.