Новости
01.05 Новости
З юбілеем, Альма-матэр! Журфак БДУ адзначае 75-годдзе
главное
1632 дня(-ей) назад
2
4

Інтытут журналістыкі (у той час ён называўся менавіта так) Белдзяржуніверэта  я скончыла амаль дзесяць гадоў таму. І за гэты час толькі аднойчы давялося пабываць у будынку на Кальварыйскай. Тым не менш, даволі доўга падтрымлівала зносіны са сваім кіраўніком – кандыдатам юрыдычных навук  Наталляй Доўнар.

 А літаральна днямі службовыя справы зноў прывялі мяне ў знаёмыя сцены. Прыемна было бачыць родныя твары выкладчыкаў, узгадваць імёны, дысцыпліны. А яшчэ больш прыемна, што яны пазнавалі мяне.

– Вы з Лагойска! Сайт logoysk.by! – эмацыянальна, як заўсёды, усклікнуў выкладчык па веб-журналістыцы Аляксандр Градзюшка. – Памятаю, памятаю! У той час, калі “раёнкі” выйшлі ў інтэрнэт, у вас быў вельмі дарэчны сайт.

Ціха і павольна, як звычайна,  крыху задумаўшыся, дадала Наталля Зубчонак, выкладчык па антычнай літаратуры.

– Так, Ірына, і я таксама вас памятаю.

А як жа памятаю я вас, Наталля Анатольеўна! Як памятаю вашы лекцыі і заняткі. Больш таго, і цяпер магу ўзгадаць, якая выява была на шчыце Менелая (для несвядомых: апісанне шчыта ў Гамера займае прыкладна старонак адзінаццаць)!

Прайшлася калідорамі факультэта. Прачытала прозвішчы на шыльдах кабінетаў і кафердр. І ўсе пяць гадоў вучобы імгненна пранесліся перад вачыма.

Ганна Іванаўна Басава – прыгожая, элегантная, з мяккім голасам, мілагучнай мовай і цвёрдым характарам. Прынцыповая. Пісала пад яе кіраўніцтвам курсавую. Абараніла на 10.

Аляксандр Канстанцінавіч Свораб. У час маёй вучобы – загадчык кафедры перыядычнага друку.  Зараз – выкладчык дысцыпліны “дызайн газеты”. Нягледзячы на свой ўзрост, энергічны, шчыры, з гарэзлівымі агеньчыкамі ў вачах. Колькі гадзін мы праседзілі з ім над старонкамі газет!

Прафесар Віктар Івананвіч Іўчанкаў. Гэта, напэўна, адзін з самых любімых выкладчыкаў. Рыторыка, медыярыторыка, стылістыка і нават псіхалогія публічных выступленняў!  Дагэтуль, выходзячы за трыбуну, прыдумваючы загаловак, або пішучы тэкст, узгадваю яго ўрокі. Дагэтуль мяне абураюць словазлучэнні “сего-ДНЯ-шний ДЕНЬ”, “перспектывы развіцця” або “патрыёт сваёй радзімы”. Горш за гэтыя, пэўна, толькі “бягучы (або цякучы) момант”. Так і чуецца голас Віктара Іванавіча: “Куды ён, прабачце, бяжыць?”

Васілій Пятровіч Вараб’ёў. Былы кіраўнік факультэта. Загадчык кафедры, пры якой пісала дыпломную працу. Чалавек з яркім характарам і пранікнённым позіркам. Здаецца, ён ведае ўсіх сваіх студэнтаў. Неяк сустрэліся з ім на выстаўцы СМІ Беларусі. Не я, а ён першы падышоў. І з ходу: “Ну як Лагойск? Як сама? Спадзяюся, не кінула журналістыцу? Глядзі, табе гэта забаронена!”

Уладзімір Анатольевіч Капцаў – выкладчык рускай літаратуры. Здаецца, увесь курс быў улюблюны ў гэтага невялічкага ростам, цікавага і крыху смешнага выкладчыка. Уладзімір Анатольевіч, па вашай парадзе я прачытала “Роман с языком”. І мне насамрэч вельмі спадабалася.

Іх шмат. Іх вельмі шмат – тых, хто пакінуў след у маёй душы. Хто навучыў мяне не толькі журналістцкаму майсэрству, багаццю мовы або правазнаўству. Вы навучылі мяне адчуваць радасць ад працы,  аднолькава роўна адносіцца і да дворніка, і да міністра, усюды паспяваць, прымаць жыццё і людзей такімі, якія яны ёсць і ніколі не журыцца, не скардзіцца.

…У калідорах журфака групкі студэнтаў. Гляджу на іх і адчуваю зайздрасць. Але разумею, што зайздрошчу не маладосці і не студэнцтву. Зайздрошчу іх магчымасці  размаўляць з цікавымі выкладчыкамі, вучыцца ў іх мудрасці жыцця і прафесійнаму майстэртсву, заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку, рабіць сродкі масавай інфармацыі новымі.