Новости
01.05 Новости
Сёння Дзень нараджэння Ніла Гілевіча
главное
1312 дня(-ей) назад
2
4

Сёння, 30 верасня, спаўняецца 89 гадоў з Дня нараджэння Ніла Гілевіча – паэта, перакладчыка, публіцыста, драматурга, навукоўца, славутага сына Лагойшчыны.

Нарадзіўся творца ў вёсцы Слабада 30 верасня 1931 года. Скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча, філалагічны факультэт БДУ, абараніў кандыдацкую дысертацыю, атрымаў вучонае званне прафесара. У 1980 г. яму прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі. У 1991 ён стаў народным паэтам БССР.

Ніл Гілевіч быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй Пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета Беларусі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, старшынёй Таварыства беларускай мовы.

Яго літаратурная творчасць – багатая і разнастайная. Як паэт Ніл Гілевіч дэбютаваў у друку ў 1946-м. Выдаў некалькі дзясяткаў зборнікаў вершаў, п’ес, паэтычных і празаічных перакладаў, сатыры і гумару, кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы і іншыя.

У 2013 г. выйшла апошняя кніга з 23-томнага збору твораў пісьменніка.
Народнага паэта Беларусі не стала 29 сакавіка 2016 г. у Мінску. Пахавалі яго на Кальварыйских могілках.

На смерць паэта ў адным з артыкулаў так адгукнуўся Віктар Несцяровіч, журналіст, краязнаўца, які вучыўся з Нілам Сымонавічам на філфаку БДУ:

– Вечарам сакавіцкага дня я пачуў сумную вестку аб смерці Ніла Гілевіча. На заўтра ж паехаў у Мінск, каб развітацца з адышоўшым у небыццё. У храме на Нямізе каля ягонай труны выказаў спачуванні Нілавым сваякам. Пра ўсенароднае прызнанне аднаго з класікаў айчыннай літаратуры сведчыў бясконцы паток людзей, якія ішлі з букетамі ў руках, каб аддаць даніну павагі славутаму сыну беларускай зямлі.

Наш зямляк і сёння жыве ў сваіх таленавітых палымяных радках, якія з удзячнасцю і пашанай чытаюць прадстаўнікі сучаснага пакалення.  

Алена Масцерава, «РК».

На здымку 1954 года: Ніл Гілевіч з пачынаючымі паэтамі ў студэнцкім калектыве. Справа налева: Рыгор Барадулін, сядзяць – Кастусь Цвірка, Алесь Рыбак, Генадзь Бураўкін, Анатоль Клышка. Віктар Несцяровіч стаіць злева.