У 1882 годзе ў Вязынцы нарадзіўся геній беларускай літаратуры Іван Луцэвіч. Ён з’явіўся на свет 7 ліпеня, калі ў народзе святкуецца Купалле, таму і выбраў творчы псеўданім Янка Купала.
Жыццё паэта цесна звязаны з Лагойшчынай, дзе ён напісаў шэраг неўміручых твораў. Так, у фальварку Акопы з'явіліся на свет знакамітая «Паўлінка» і іншыя вядомыя п’есы, рамантычныя паэмы, было напісана больш за 80 вершаў. Нездарма ў суседняй вёсцы Харужанцы ў 1992 г. быў адкрыты музей. Паўгода назад у ім з’явілася новая літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Кропкі моцы», а з 11 ліпеня тут запускаецца інтэрактыўны турыстычны праект «Паўлінка" ў Акопах», арганізаваны ААТ «Вегатур» і Беларускім дзяржаўным музеем Янкі Купалы.
Праграма, якая будзе праходзіць па выхадных да канца верасня, складаецца з трох частак: экскурсія па музеі, наведванне кірмашу, інтэрактыўны прагляд камедыі «Паўлінка». Праект дазваляе наведвальнікам апынуцца ў атмасферы беларускай вёскі пачатку ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з дэкаратыўна-прыкладным, абрадавым мастацтвам, паўдзельнічаць у народных спевах і танцах, пачаставацца нацыянальнымі стравамі, стаць паўнавартасным удзельнікам сцэнічнай дзеі.
Да дня нараджэння паэта Купалаўскі тэатр арганізаваў анлайн-фэст «Паўлінка на Купалле», які будзе працягвацца да 12 ліпеня на афіцыйным сайце і YouTube-канале тэатра. У тэматычных частках будуць прадстаўлены відэа-эпізоды, пры дапамозе якіх гледачы пабываюць ў Вязынцы, на экскурсіі ў Купалаўскім тэатры, паглядзяць «Паўлінку», паслухаюць «Песняроў», у рэпертуары якіх шмат песень на словы Купалы.
Дзень нараджэння паэта – выдатная нагода пачытаць яго вершы і паэмы, паглядзець відэаспектаклі, наведаць магілу Песняра, якая знаходзіцца на вайсковых могілках у Мінску.
Алена Масцерава. Фота аўтара.