Новости
01.05 Новости
У Гасцілавічах абмеркавалі пытанні змяненняў у Канстытуцыю
Адкрыты дыялог прайшоў з удзелам старшыні Лагойскага райвыканкама Аляксандра Ласевіча, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пятра Вабішчэвіча, палітолага Уладзіміра Цюхая.
главное
837 дня(-ей) назад
2
4

На сустрэчу з імі ў зале Гасцілавіцкага СДК сабраліся педагогі мясцовых устаноў адукацыі, работнікі культуры, прадстаўнікі СК «Лагойскі», жыхары аграгарадка. У фае для іх былі падрыхтаваны тэматычны інфармацыйны стэнд, а таксама брашуры з праектам зменаў і дапаўненняў, якія кожны мог узяць для азнаямлення.

Напачатку Пётр Вабішчэвіч агучыў, у якія раздзелы Канстытуцыі могуць уносіцца змяненні толькі шляхам правядзення рэферэндуму, з якой мэтай уводзіцца адзіны дзень галасавання. Падрабязней дэпутат спыніўся на IV раздзеле, які датычыцца дзяржаўных органаў і паўнамоцтваў. Ён растлумачыў, якія патрабаванні сфармуляваны да кандыдатуры кіраўніка дзяржавы, якія функцыі будзе выконваць Усебеларускі народны сход.

Выступленне Уладзіміра Цюхая было прысвечана асновам канстытуцыйнага ладу, у прыватнасці, прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7), пытанню надання і пазбаўлення грамадзянства (артыкул 10), прынцыпам знешняй палітыкі (артыкул 18) і іншым.

Пытанні слухачоў перш за ўсё датычыліся тэмы змяненняў у Асноўны Закон краіны. Напрыклад: як будуць выбірацца дэлегаты Усебеларускага Народнага сходу, які будзе тэрмін іх дзейнасці? Другі вясковец, разважаючы над артыкулам 45, цікавіўся, ці не збіраюцца ў нас увесці абавязковае медыцынскае страхаванне. Яшчэ адзін удзельнік пытаўся, каго менавіта, паводле Канстытуцыі, збіраюцца пазбаўляць грамадзянства. Эксперты далі тлумачэнні па кожным з пытанняў і выказалі свае пункты гледжання.

Але на гэтым дыялогавая пляцоўка не скончыла працу: мясцовыя жыхары выказаліся пра набалелае. Напрыклад, мама дашкольнікаў з Гасцілавіч падняла агульную для ўсіх сем’яў населенага пункта праблему: у вёсцы няма ніводнай дзіцячай пляцоўкі. Старшыня райвыканкама паабяцаў вырашыць гэта пытанне.

Дрэннае асвятленне, адсутнасць павільёна на аўтобусным прыпынку ў Гасцілавічах, недахоп гандлёвых кропак у Аўгустова – гэтыя і іншыя пытанні былі прыняты кіраўніком раёна на кантроль.

Алена Масцерава.