Новости
«Дазволь цябе любіць, як кветачку на полі…»
главное
1092 дня(-ей) назад
2
4

У в. Пасадзец 135 гадоў таму нарадзіўся Змітрок Бядуля. Для кагосьці ў першую чаргу ён паэт, для кагосьці празаік. Але кожны, хто знаёмы з яго творчасцю, скажа, што гэта чалавек з чуллівым сэрцам, які ў літаратурных творах заўсёды эмацыйна адгукаўся на тое, што назіраў навокал. Ён радаваўся, гледзячы на прыгажосць беларускай прыроды, і бязмежна смуткаваў, калі бачыў чалавечае гора і справядлівасць. Таму адзін з самых яго вядомых псеўданімаў адпаведны – Бядуля. А сапраўднае імя песняра з Лагойшчыны – Самуіл Плаўнік.

Напярэдадні яго 135-гадовага юбілея мы вырашылі паглядзець, якія творы Змітрака Бядулі найчасцей шукаюць у інтэрнэце. На першым месцы аказалася «Казка пра мядзведзя», а на другім – апавяданне «Бондар». Коратка характарызуюць галоўнага героя гэтага твора словы: «Мэтай яго жыцця былі не заработкі, а праца сама па сабе, той любімы час працы, які дае праўдзівае шчасце майстру». Гісторыя вясковага ўмельца, што апісваецца ў апавяданні, поўная сапраўднага трагізму і горычы.

Далей ідзе адзін з самых вядомых і журботных твораў – «На каляды к сыну». Пра старэнькую вясковую жанчыну Тэклю, якая прыехала на Каляды да багатага сына Лаўрука ў горад, а той выгнаў яе са словамі: «Ідзі, старушка! Я цябе… не знаю…»

Сярод папулярных запытаў таксама апавяданне «Воўк» – не пра звера, а пра чалавека, які не бачыць нічога дрэннага ў тым, каб прадаваць крадзеныя рэчы і нават пазбаўляць людзей жыцця, які кажа, што яго Бог – золата. 

Наступныя ў пошукавым радку – вершы для дзяцей, цікавыя, вясёлыя, запамінальныя. І асобна – верш «Гаспадарка», які ўсе ведаюць яшчэ з садка: «У куце сядзіць мядзведзь, хустку вышывае, а лісічка-невялічка хатку прыбірае».

А цудоўны вершаваны малюнак «Сняжыначкі-пушыначкі» вывучаецца і зараз у малодшай школе. Паглядзіце ўзімку за акно падчас снегападу – і вы ўбачыце тое, што пры дапамозе лірычных вобразных сродкаў так удала апісаў наш таленавіты зямляк.

Цікава было даведацца, што ў рэйтынгу на адным з пошукавых сервераў, адкуль мы бралі дадзены пералік твораў Змітрака Бядулі, няма найпрыгажэйшага верша «Дазволь цябе любіць, як кветачку на полі…», кранальнага апавядання «Пяць лыжак заціркі», казкі «Сярэбраная табакерка». Напэўна, можна будзе прааналізаваць іншыя пошукавыя сістэмы з запытамі на яго творчасць. А лепш за ўсё – узяць у рукі кнігу або адкрыць інтэрнэт-старонку з яго вершамі – і пачытаць. Пагадзіцеся, нават калі добра ведаеш літаратурную спадчыну пісьменніка, пры кожным новым прачытанні знаходзіш для сябе нешта новае.

Алена Масцерава.