Новости
«Вспоминая Вегас»
главное
1205 дня(-ей) назад
2
4

Калі бачыш назву гэтай кнігі, то адразу ўзнікае думка, што яе дзеянне адбываецца ў Амерыцы і звязана з Лас-Вегасам. Аднак з першых старонак даведваешся, што галоўная гераіня аповесці для падлеткаў жыве ў мінскім мікрараёне Малінаўка, ходзіць у сталічную школу, а Вегас – гэта ўсяго толькі мянушка, прыдуманая з-за адпаведнага надпісу на яе адзенні.

Гісторыя старшакласніцы захапляльная, бо кожны чытач у яе ўзросце мог сутыкацца з падобнымі перажываннямі і комплексамі. Дзяўчынка шукае сваё месца ў жыцці, часта адчувае сябе няўпэўнена, «белай варонай». Да яе прыходзіць першае каханне, якое прыносіць першае моцнае расчараванне, але разам з тым яна знаходзіць новых верных сяброў.

Але гэта толькі адзін сюжэт. Другі адбываецца ў кнізе, якую чытае Таня Вегас, і прысвечаны каралеўскай сям’і. Чатыры дачушкі манарха жывуць у чатырох вежах. Ім нельга самім выходзіць са зняволення, нельга бачыцца і размаўляць з іншымі людзьмі, акрамя прыслугі. І толькі адзін раз у год карэты з прынцэсамі па чарзе едуць у горад, дзе ім дазваляецца правесці адну гадзіну ў краме, выбіраючы рознакаляровыя шкельцы. Кожная дзяўчына павінна выкласці з іх вітраж, які дапаможа каролю зразумець, чаго хоча прынцэса і ці гатова яна да дарослага, замужняга жыцця.

Тані вельмі цікава, чым скончыцца гіторыя, чаму кароль так паступае са сваімі дачушкамі, аднак яна губляе кнігу, што прыводзіць да нечаканых наступстваў.

А трэцюю сюжэтную лінію ад першай асобы распавядае жанчына, якая засталася ва ўсім свеце адна.

Усе гісторыі ў кнізе пераплятаюцца: у канцы аказваецца, што адзіная на зямлі жанчына і ёсць Таня Вегас, якая марыць толькі пра адно – мець магчымасць уключыць інтэрнэт-сервер, каб з сацыяльных сетак выцягнуць здымак, на якім яна сфатаграфавала свайго мужа і 4-х дачушак.

Кніга на рускай мове беларускай пісьменніцы Ганны Севярынец выйшла ў гэтым годзе ў Маскве, у выдавецтве «Время». Аб’ём невялікі, але пры прачытанні твора ўзнікае шмат пытанняў. Ён прымушае думаць, у тым ліку і над такім пытаннем галоўнай гераіні: «…зачем мы живем и почему ненавидим друг друга, а если любим, то почему делаем больно, и если не любим, почему делаем больно тоже, и как среди всего этого жить так, чтобы не болело ни у тебя, ни у других».