Новости
Не прапусціце камету і парад планет!
главное
1347 дня(-ей) назад
2
4

Калі глядзець на яснае неба ў паўночным і паўночна-ўсходнім накірунках, можна ўбачыць камету. Яркую кропку з блакітнаватым «хвастом» вучоныя заўважылі ў канцы сакавіка пры дапамозе касмічнага інфракраснага тэлескопа Neowice, іменем якога і назвалі касмічны аб’ект. Астраномы высветлілі, што камета максімальна наблізіцца да Зямлі 23 ліпеня. У гэты дзень яе адлегласць ад нашай планеты будзе складаць 103 млн км, гэта прыкладна 400 адлегласцяў да Месяца. А вось наступны раз яе можна будзе ўбачыць толькі праз 6 тыс. 800 гадоў.

Камета ўжо абляцела вакол Сонца і зараз накіроўваецца ў знешнюю Сонечную сістэму. Праз нейкі час яна перастане быць бачнай, а пакуль да канца ліпеня-пачатку жніўня ёсць магчымасць назіраць яе шлях у заходнім напрамку.

Neowice – не адзіны цікавы аб’ект, дзеля якога варта выбрацца ноччу з хаты. Зараз ва ўсёй сваёй прыгажосці ззяюць на небе Юпіцер, Сатурн і Марс, якія нам пашчасціла назіраць у падзорную трубу. Паглядзець на камету, зоры і планеты прапанавала мне назіральніца за птушкамі Вольга Лукшыц. У панядзелак, 20 ліпеня, мы прыехалі з ёй на горку за запраўкай у Гасцілавічах і ўбачылі захапляльныя малюнкі. Па-першае, калі стаяць тварам на захад, то Лагойск пераліваецца ў цемры морам агнёў. Па-другое, камету лёгка знайсці на паўначы ад высокай разгалістай бярозы, што расце на абочыне дарогі. А на ўсход ад яе чырванее на небе Марс.

Калі ж глядзець з кропкі нашага назірання на паўднёвы ўсход, то там зіхацяць Юпіцер і Сатурн: першы ярка-ярка, другі – больш прыглушана. Папярэднія аб’екты праз трубу выглядалі амаль так, як і пры разглядзе іх няўзброеным вокам. А вось ля Юпіцера пры дапамозе павелічальнага шкла добра праглядаліся яго спадарожнікі, а таксама гарызантальныя палоскі на паверхні газавага гіганта. Вакол Сатурна блішчэлі кольцы – гэта відовішча сапраўды заварожвае!

Поўны парад планет, першы за 20 гадоў, быў добра бачны у ноч з 4 на 5 ліпеня: тады нябесныя целы выстраіліся ў рад па адзін бок ад Сонца. Пасля гэтага планеты сталі павольна разыходзіцца, і кожная з іх добра праглядаецца ў розны час і ў розных умовах. Напрыклад, з 22 ліпеня на світанні можна будзе спакойна разглядаць Меркурый, а Уран і Нептун даступныя для вока толькі праз тэлескоп.

Касмічнае падарожжа ў Гасцілавічах мы завяршылі разглядваннем зор. Даведаліся нават некалькі новых назваў. Аказваецца, ёсць шэраг мабільных прыкладанняў для смартфона, якія дазваляюць знаходзіць і вызначаць сузор’і. І гэта крута. 

Не спазніцеся на парад планет і камету – сузіранне іх дазваляе чалавеку дакрануцца да макрасусвету…

Фота ўзята з адкрытых крыніц, мае ілюстрацыйны характар.