| Губа |
|
|
| Автор: Редакция |
| 26.08.2009 12:32 |
|
У пошуках вёскі Губа, якая згубілася паміж лясоў і балот, мы праблукалі не адзін час. Паездзіўшы крыху па лесе, спыніліся на ўскрайку Далькавіч, каб спытаць у каго-небудзь дарогу. З крайняй хаты да нас выйшаў малады мужчына, нечым падобны на сучаснага “ляснога чалавека”. Высокі і статны, доўгія валасы сабраны ў пучок, акуратна стрыжаная барада і вусы, з-пад бейсболкі пранізліва пазіраюць ясныя вочы.
…Магчыма, калісьці гэта была сапраўдная вуліца. Напэўна, па ёй ездзілі падводы, хадзілі людзі. Зараз гэта – амаль нябачная дарога, парослая ў чалавечы рост травой. Наш гід ступае шырокімі крокамі, так, што мы ледзь паспяваем за ім. Па ходу тлумачыць: — Амаль на кожнай сядзібе тут быў калодзеж, але, на жаль, захаваўся толькі адзін. Акуратна! Не саступіце ў яго! Глыбокую-глыбокую (так, што дна не відаць) “дзірку” ў зямлі цяжка заўважыць сярод высокай густой травы. Па словах Алега, у ім яшчэ ёсць вадзіца, і нават вельмі чыстая і смачная. -- Звярніце ўвагу на крыж, — працягваў тым часам мужчына. – Па сведчанні старажылаў, каля яго хрысцілі немаўлятак. Напэўна, мы знаходзіліся ў той момант у цэнтры вёскі: ад крыжа ў трох напрамках ідуць вуліцы. Сам культавы знак размешчаны на невялікім узвышшы, ад чаго здаецца яшчэ больш велічным. Падымаемся да яго – на дубовым дрэўцы прымацавана невялічкае алавянае распяцце… — А ці можна зайсці ў хату? — Зараз паспрабуем. Сюды лепш прыязджаць вясной, калі ўсё яшчэ не такое зарослае. І ўсё ж мы змаглі прабрацца праз “дрымучы лес” да сядзібы. На ёй угадваецца цэлы комплекс пабудоў, пра які наш спадарожнік распавядаў у самым пачатку шляху. Гэта ўласна дом, клець, свіран, варыўня, склеп, павець, адрына для сена, гумно, хлеў, студня. Заходзім у хату. Яна мае не зусім прывабны выгляд, усе больш-менш каштоўныя рэчы расцягнуты, але, маючы такія-сякія веды, няцяжка ўявіць сабе, як тут жылі.
Высокі парог і нізкія дзверы спрыялі ў зімовы час захаванню цяпла. Дзверы зроблены з тоўстых колатых дошак і паварочваліся ў драўляных гнёздах – на бегунах. Невялікія валакавыя акенцы зачыняліся (“завалакваліся”) на ноч драўлянай засаўкай. Печ размешчана справа ад уваходу. Каля дзвярэй — “бабін кут”, дзе, напэўна, стаяла кадушка для вады з конаўкай, далей на лаве – вёдры, даёнка, апалушкі, сальніца, бельчык.
Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, — каневы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памоста. Пад столлю ўздоўж сцен замацаваны дзве паралельныя жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, складвалі прылады ткацтва. Цікава, што ў хаце дагэтуль захаваліся два матавілы, на якія наматаны яшчэ даволі моцны лён. Ніжэй вокнаў уздоўж сцен — шырокія лавы. ![]() — Яны служылі гаспадарам больш за сто гадоў і былі для беларусаў свайго роду сямейнай рэліквіяй, — распавядаў наш новы знаёмы. – І нават у час наваселля ўрачыста пераносіліся са старой хаты ў новую. А вось і «красны кут» – найбольш шаноўнае месца ў хаце. Тут развешвалі убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі) абразы (зразумела, што ў пакінутым доме іх ужо не засталося), пучкі асвечаных у царкве жытнёвых каласоў і траў. У «красным куце» стаяў стол. І калі заплюшчыць вочы, можна «ўбачыць», як за абедам у будні дзень з яго здымалі абрус, і ўся сям’я садзілася, займаючы месца ў пэўнай паслядоўнасці: на покуці – гаспадар дома, за ім – па старшынстве іншыя члены сям’і. У сённяшні час мяне вярнуў голас калегі: — Цікава, а на паддашку што-небудзь захавалася? — Зараз паглядзім, — адказаў Алег. У імгненне вока з’явілася лесвіца, і праз некаторы час мы ўжо перабіралі гаспадарчы скарб. Перш за ўсё ўвагу прыцягнуў агромісты куфар з кованымі вугламі і вялікім замком. Крыху намаганняў — і мужчына адкрыў яго. Фантазія адразу намалявала выразныя карціны: тут некалі захоўваліся ўборы гаспадыні, а, магчыма, і вясельны пасаг… Але, прыгледзеўшыся, мы зразумелі, што гэта скрыня з-пад зерня. Яшчэ ў кутку заста-ліся крупінкі…
Крыху абследаваўшы вышкі, знаходзім іншыя гаспадарчыя прылады. Драўляны падпятак (для вырабу ці рамонту абутку), маслабойка, дэкаратыўныя керасінавыя лямпы. Такія былі толькі ў заможных сялян. Цікавасць выклікаюць элементы калаўроту з мастацкай разьбой, амаль цэлая качарка, старажытны рубанак, выраблены без адзінага цвіка, выдзеўбленая з камля сасны бочка. “Падарожжа” па хаце і паддашку склала пэўнае ўяўленне аб гаспадарах сядзібы, але, каб партрэт атрымаўся больш поўным, Алег прапанаваў зазірнуць яшчэ ў хлеў.
Бацюхна! Такога я ніколі не бачыла! Па-першае, столь, складзеная са шматлікіх галінак і сукоў. А потым сам хлеў. Ён па-дзелены на тры часткі. У адной з іх, пэўна, стаяла карова. У сцяне яшчэ засталіся кольцы для прывязвання скаціны. У другой частцы ўтрымліваліся свінні – яна падзелена на катухі, у якіх там-сям засталіся выдзеўбленыя карыты. Далей куросадні, гнёзды, карытцы для зерня нам расказалі пра сваіх насельнікаў. Тут жа мы знайшлі мялку для лёну і драўляную саху. — Вось, пабачце, — распавядаў наш гід, — на гэтыя “вушы” мацаваліся металічныя нарогі і так аралася зямля. Па зношанасці прылады можна меркаваць, што ў гаспадароў быў даволі вялікі зямельны надзел. Цяпер можна больш-менш дакладна сказаць, што за сям’я жыла ў гэтай хаце. Хутчэй за ўсё заможныя, працавітыя людзі, якія ўтрымлівалі вялікую гаспадарку, займаліся рамяством і ткацтвам, гадавалі дзетак. — Цікава, а ці засталіся ў іх якія нашчадкі?.. І на гэтае, здавалася б, рытарычнае пытанне ў Алега знайшоўся адказ: — Наколькі мне вядома, у сталіцы жыве жанчына, якая мае непасрэднае дачыненне да гэтай сядзібы… Падчас дарогі на “вялікую зямлю” мясцовы краязнаўца яшчэ шмат расказваў пра скарбы зямлі беларускай. — Вы толькі, калі ласка, адны сюды не прыязджайце. Гэта небяспечна… – папярэдзіў ён. І толькі калі мы паабяцалі, што не будзем рызыкаваць, супакоіўся. А на развітанне, на памяць аб цікавым падарожжы, падарыў нам бочачку пад медавуху… Ірына СТАНКЕВІЧ. |
© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»
Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.
При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by
Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies