Васіль Кулакоўскі: “На самой справе, сярод нас шмат людзей, з якіх можна і патрэбна браць прыклад" Печать E-mail
Автор: Редакция   
11.09.2009 14:42

"На працягу ўсяго жыцця мы павінны вучыцца. І не толькі ў таго, хто зрабіў кар’еру, дасягнуў славы, але і ў таго, хто з’яўляецца проста годным добрым чалавекам”. Гэтыя словы належаць кіраўніку СВК “Харошае” – цікаваму, упэўненаму і мэтанакіраванаму Васілю Кулакоўскаму.

kulakovski

-- Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

-- Родам я з Докшыцкага раёна. Мой бацька быў вадзіцелем у калгасе, маці працавала прадаўцом, поварам. Наша сям’я мнагадзетная, у мяне тры сястры і брат. Я і зараз жыву ў родных мясцінах: мой дом у в. Замасточча, што на самой мяжы з Лагойшчынай.

-- А як пачынаўся ваш працоўны шлях?

-- Пасля заканчэння школы пайшоў у гаспадарку вадзіцелем. Затым была служба ў арміі, зноў праца. Сваю першую спецыяльную адукацыю атрымаў у Смілавіцкім тэхнікуме, пасля завочна вучыўся ў сельскагаспадарчай акадэміі, стаў кваліфікаваным заатэхнікам. А ў 2006 годзе скончыў інстытут кіравання, набыўшы другую спецыяльнасць – менеджэр-эканаміст. Вучоба дапамагала ўздымацца і па службовай лесвіцы. Спачатку я быў загадчыкам фермы, затым брыгадзірам. У калгас “Лонва” Лагойскага раёна прыйшоў працаваць у 1999 годзе, ужо будучы галоўным заатэхнікам. А ў 2007 годзе мяне абралі на пасаду старшыні СВК “Харошае”.

-- Васіль Антонавіч, а чаму сферай сваёй дзейнасці вы выбралі менавіта сельскую гаспадарку?

-- Магчыма, у гэтым і ёсць маё прызванне. Мне вельмі падабаецца мець справу з жывёлай, можна сказаць, дадзена небам разумець яе. Таму ў свой час і стаў заатэхнікам. І хаця пасля была магчымасць уладкавацца на іншую працу, не змог адмовіцца ад любімага занятку.

-- Ваша гаспадарка адна з перадавых і самых моцных у раёне. Падзяліцеся сакрэтам поспеху.

-- А ніякага сакрэту няма. Галоўнае -- працаваць на добры вынік, які выражаецца ў павышэнні вытворчасці, паляпшэнні ўмоў працы. А таксама ў адпаведным узроўні зарплаты, дабрабыце работнікаў. Важна, каб людзі маглі годна жыць і ўсведамляць, што іх праца – важная, запатрабаваная, прэстыжная.

Лічу, што да выканання любых абавязкаў трэба падыходзіць адказна. І ў першую чаргу менавіта кіраўнік павінен паказваць прыклад, быць арганізаваным і аб’ектыўным, патрабавальным і справядлівым. Асабіста я за час дзейнасці прайшоў шлях ад звычайнага вадзіцеля да старшыні, таму добра ведаю і разумею спецыфіку працы як рабочых, механізатараў, так і спецыялістаў, бачу тыя моманты, дзе можна крытыкаваць, патрабаваць, і тыя, дзе трэба пайсці насустрач.

-- Мабыць, менавіта гэтыя прынцыпы дапамаглі і падчас жніва, якое ў вашым СВК прайшло на даволі высокім узроўні?

-- Не толькі. Канечне, на першым месцы – цвёрдая дысцыпліна, дакладнае размежаванне абавязкаў. Але не менш важныя папярэдняя падрыхтоўка, дакладны разлік і пастаянны кантроль. Бясспрэчна, многае залежыць і ад стаўлення людзей да працы. Я проста не магу не назваць імёны нашых камбайнераў і іх маладых памочнікаў, якія самааддана шчыравалі на жніве. Гэта Дзмітрый Завіленскі, Мікалай Астроўка, Сяргей Урбан, Сямён Калясень, Дзмітрый Дрозд, Аляксей Ляўданскі, Яўген Дрозд, Алег Аўсейка, Аляксандр Астроўка. А яшчэ хочацца адзначыць Івана Пракатеня, які пачынаў дзень, працуючы на трактары, а калі высыхала раса, перасаджваўся за камбайн. Усе гэтыя работнікі – надзейная апора, сапраўдная каманда.

-- Васіль Антонавіч, раскажыце, калі ласка, пра сваіх родных.

-- Мая сям’я дружная і моцная. Жонка Людміла Уладзіміраўна працуе ў Замасточчы настаўніцай пачатковых класаў. Старэйшы сын Аляксей, студэнт чацвертага курса агратэхнічнага універсітэта, атрымлівае спецыяльнасць інжынера перапрацоўкі і захавання сельгаспрадукцыі. Прафесію выбіраў самастойна, бо заўсёды цікавіўся тэхнікай, ды і сур’ёзнай працы не баіцца. Напрыклад, гэтым летам замест адпачынку сын шчыраваў на сушылцы ў Астрашыцкім гарадку. Дачка Таццяна, прыгажуня і памочніца, скончыла дзевяць класаў. Яе мара – стаць прафесійным юрыстам.

-- Як вы праводзіце вольны час?

-- На самай справе яго ў мяне не так ужо і шмат. Службовыя абавязкі стаяць на першым месцы, асабліва, калі пачынаюцца сезонныя работы. Халодная пара года менш напружаная, таму з задавальненнем хаджу на зімовую рыбалку. А ўвогуле, я прыхільнік здаровага ладу жыцця, люблю прыроду.

-- Вы верыце ў лёс?

-- Магчыма. Часам, аналізуючы нейкія падзеі, задумваюся над тым, што ў жыцці нічога не адбываецца само па сабе. Кожны крок, учынак вядзе да пэўных вынікаў.

Асабіста я раней ніколі не паверыў бы, што стану кіраўніком. І разам з тым перакананы, што кожны чалавек, каб дасягнуць нейкай вяршыні, павінен бачыць перад сабой мэту, імкнуцца да яе. І пры гэтым не адступаць, не спыняцца на сярэдзіне дарогі, а быць патрабавальным да сябе, выпрацоўваць сілу волі і пастаянна думаць, узважваць свае дзеянні, вучыцца лепшаму ў акружаючых.

Запісала Таццяна КРЭНЬ.

Фота Ірыны СТАНКЕВІЧ.

 

Последние комментарии

Вы тут:   Logoysk.by Проекты Персона Васіль Кулакоўскі: “На самой справе, сярод нас шмат людзей, з якіх можна і патрэбна браць прыклад"

© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»

Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.

При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by

Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies


Rating All.BY