Дальва

Дальва — адна з апошніх вёсак, спаленых на беларускай зямлі гітлераўцамі разам з жыхарамі і не адроджаных у пасляваенныя гады. Усяго на Лагойшчыне такі лёс напаткаў 19 населеных пунктаў.

Жылі там людзі, як і ўсе: кахалі, гулялі вяселлі, гадавалі дзетак, дапамагалі адзін аднаму, а потым… вайна. Зніклі вёскі, загінулі жыхары, абарвалася нітка іх лёсу.

Дальва

На месцы былой вёскі Дальва створаны мемарыяльны комплекс, адкрыццё якога адбылося 15 ліпеня 1973 года. Асноўная кампазіцыйная структура яго ўяўляе сабой фігуру маладой жанчыны з падлеткам, брацкую магілу і сцяну Памяці, дзе пазначаны прозвішчы 44 чалавек, загубленых фашысцкімі катамі. На месцы былых 5 з 20 спаленых хат устаноўлены сімвалічныя вянцы зрубаў, перад якімі пры ўваходзе на прыступках размешчаны рэльефныя знакі з сілуміну: дзіцячая лялька, збанок, серп, скрыпка, клубок нітак.

Для больш поўнага раскрыцця трагедыі створана музейная экспазіцыя “Да-льва: гераізм, трагедыя, міласэрнасць”.

Вы заходзіце ў дом. Нікога. Цішыня. На абвугленых дошках радкі:

Спаліў нас вораг

чэрвеньскай парою –

Дзядоў, жанчын,

падлеткаў і дзяцей.

Даруйце, людзі добрыя,

за тое,

Што вас не сустракаем,

як гасцей.

Асобныя перыяды жыцця вёскі размешчаны ў стылізаваных “вокнах часу”. Падыходзь самастойна, расчыняй аканіцы і заглядвай у тыя далёкія гады: праз архіўныя дакументы са слядамі агню і дыму знаёмся з падзеямі, якія адбыліся. Праз іх прасочваюцца асноўныя этапы жыцця і развіцця знішчанай вёскі.

Першае «акно» — “Гісторыя Дальвы”. Дакументы аб пакупцы фальварка, аб выкупе зямлі мясцовымі жыхарамі пасля адмены прыгоннага права. Па магчымасці дальвінцы ажыццяўлялі свае мары: набывалі ўчасткі, будавалі новыя хаты. І заўсёды прыходзілі на дапамогу адзін аднаму.

Кожны раз, адпраўляючыся куды-небудзь, заходзілі ў царкву і апускалі капейкі ў ахвярную кружку. Хоць гэтыя грошы былі б нялішнімі ў сваёй сям’і.

Дапамога, ахвяраванне, міласэрнасць, выкананне доўгу – вось тыя рысы, што характарызавалі вяскоўцаў.

Пераходзячы да наступнага “акна”, бачым калаўрот, які круг за кругам адлічвае час. Так і жыццё дальвінцаў адлічвала круг за кругам, пакаленне за пакаленнем…

Лічыцца, што круг — сімвал сонца, жыцця і вечнасці. Вось і жыццё кожнага чалавека ўяўляе сабой умоўны круг.

У наступным “акне часу” за зачыненымі ліштвамі — сказ пра даваеннае жыццё Дальвы: рэвалюцыі і Першая сусветная, грамадзянская вайна – падзеі, якія змянілі іх звыклы і памяркоўны лад жыцця. У 1930 годзе ў Дальве і дзвюх суседніх вёсках быў арганізаваны калгас імя Дзям’яна Беднага. Гаспадарка лічылася сярэдняй у раёне. За працу тут людзі атрымлівалі няшмат і ў асноўным — натуральнай аплатай, але на частку заробленых грошай набывалі аблігацыі займаў.

Вялікім выпрабаваннем для жыхароў вёскі з’явілася вайна. Матэрыялы “Дальва ў час акупацыі” размешчаны на зломе “жыццёвага кола”. Са стэндаў на нас глядзяць загінуўшыя на палях бітвы жыхары вёскі: В. М. Кухаронак, А. В. Кухаронак, В. І. Гірыловіч, С. К. Гірыловіч. Побач са здымкамі артыкулы з партызанскай газеты “За Савецкую Беларусь”: “Адпомсцім нямецкім ворагам”, “Тут прайшлі людаеды” – аб злачынствах акупантаў на Лагойшчыне і ў Мінску. Прадстаўлены матэрыялы аб партызанскім руху ў рэгіёне, аб дальвінцах, што былі прымусова вывезены ў германскае рабства, карнай аперацыі “Баклан”, вынікам якой і стала трагедыя вёскі.

Гэтая тэма – галоўная ў музейнай экспазіцыі і складаецца з трох элементаў.

У ніжняй частцы — змешчаны фрагмент кола ад калаўрота, які сімвалізуе адзін жудасны дзень. Над ім — імёны 42 спаленых жыхароў Дальвы і двух падлеткаў з суседніх вёсак. У тым агні спалымнелі 13 жанчын, 29 дзяцей і двое мужчын. У цэнтры кампазіцыі вялікі фотаздымак франтавога карэспандэнта Яраслаўцава. На фоне абгарэлай трубы — маленькі хлапчук і дзяўчынка ў паласатым адзенні вязня. Трэці элемент знаходзіцца ў верхняй частцы. Гэта вочы тых дзяцей і жанчын, што загінулі тут.

Апошнія тэмы экспазіцыі прысвечаны мерапрыемствам, звязаным з будаўніцтвам і адкрыццём мемарыяльнага комплексу,  жыццём і дзейнасцю цудам уцалелага жыхара Дальвы – Мікалая Пятровіча Гірыловіча. Ён гаварыў: “Відаць, нездарма Бог пакінуў мяне на гэтай зямлі. Я павінен паставіць помнік пакутніцы-Дальве”. І словы свае ён стрымаў да канца, прысвяціўшы ўсё жыццё гэтай святой справе.
 

Последние комментарии

© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»

Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.

При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by

Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies


Rating All.BY