| Фестываль песень мінулых гадоў “Залаты шлягер – 2010” сабраў 35 выканаўцаў з розных куточкаў Лагойшчыны |
|
|
| Автор: Масцерава |
| 19.04.2010 12:30 |
|
Хоць лагайчан, як часта бывае, на канцэрце было і не надта шмат, апладысментаў і пазітыўных эмоцый хапіла, каб падтрымаць кожнага ўдзельніка фестывалю. Дзіўна, але некаторыя песні 60-80-х падпявалі нават малодшыя школьнікі, якіх нямала было ў зале. А ўсё дзякуючы таму, што музычныя творы савецкай эпохі напоўнены асаблівым сэнсам і меладычнасцю і жывуць да сённяшніх дзён як у арыгінальным гучанні, так і ў выкананні сучасных артыстаў. Таму раённы арганізацыйна-метадычны цэнтр, які арганізаваў такое цікавае мерапрыемства, не памыліўся з выбарам музычнай эпохі і выканаўцаў, а таксама з удалай формай яго правядзення, “разбіўшы” канцэрт на 3 часткі (60-яя, 70-я і 80-я) і цікава паказаўшы асаблівасці кожнай песеннай эпохі. На канцэрце ў нядзелю былі прадстаўлены розныя жанры: ад народнай песні і раманса да эстрадных шлягераў. Некаторыя творы вызначаліся ціхім лірызмам і пяшчотай, як, напрыклад, “Нежность” у выкананні Жанны Малафееўскай з Лагазы, “Гроздья акации” – Людмілы Новікавай з Плешчаніц, “Скажите, девушки” – Уладзіміра Лемяшэўскага з Лагойска, “Я не могу иначе” – Людмілы Гніламёдавай са Швабаў і іншых. А былі такія, што, напэўна, кожнаму гледачу хацелася пусціцца ў скокі: “Колечко” (Наталля Гулак з Астрошыц), “Чырвона рута” (Наталля Ліхтаровіч з Гайны), “Луна-луна” (Святлана Жыляніна з Гайны), “Галіна” (Васіль Будай з Задор’я), “Детство” (Віктар Зароўскі з Кораня) і іншыя. Таму можна было толькі спачуваць журы, перад якім стаяў нялёгкі выбар. І ўсё ж прызы, спонсарамі якіх з’яўляліся замежнае прадпрыемства “Мінаўта” і турыстычнае агентства “Дынаста”, былі размеркаваны наступным чынам: дырэктар Крайскага СДК Алена Матэцкая (за высокае выканальніцкае майстэрства песні “Ягода-малина”), дырэктар Астрошыцкага СДК Аксана Кавалёва (за цікавае раскрыццё мастацкага вобразу музычнага твора “Эй, моряк!”) і трыо з Плешчаніцкага ДК у складзе Сяргея Карповіча, Андрэя Шчарбакова і Васіля Сямко (“Прыз глядацкіх сімпатый” за песню “Рэкрут”) былі ўзнагароджаны бытавой тэхнікай. Прыз журы – пуцёўку на эксурсійны тур у любы горад Беларусі ад турагентства “Дынаста”– атрымаў Аляксандр Вашкевіч з Пасадца за песню “Незабудка” з рэпертуару Мікалая Дабрыніна. За трэцяе месца ў конкурсе мабільны тэлефон уручылі Валерыю Янкоўскаму з Крайска (выконваў песню “Эти глаза напротив”), Андрэю Бялько з Лагойска (спяваў “Соловьиную рощу”) за другое месца – пыласос. А вось уладальніца першага месца лагайчанка Ларыса Лашкевіч, якая выклікала слёзы ў гледачоў песняй Алы Пугачовай “Ты на свете есть”, была ўзнагароджана пуцёўкай у г. Кіеў на 4 дні. Верыцца, што гэты фестываль стане добрай традыцыяй і будзе збіраць у будучым поўныя залы гледачоў, а песні, якія прагучаць на наступных “Залатых шлягерах”, прадставяць не толькі рускую музыку, але і багатую песенную эстраду Беларусі тых часоў.
Свежие новости:
Предыдущие новости:
|
© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»
Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.
При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by
Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies