| У Лагойску пачалі праводзіць вяселлі з элементамі народнага абраду |
|
|
| Автор: Масцерава |
| 05.07.2010 14:37 |
|
У пятніцу Алеся Зайчанка з в. Лагаза і Аляксей Мядзведзеў, ураджэнец Карэліі, рэгістравалі шлюб у Лагойскім ЗАГСе і сталі ўдзельнікамі не толькі афіцыйнай цырымоніі, але і дакрануліся да вясельных традыцый, якія нашы продкі шанавалі вякамі. Работнікі Цэнтра культуры распрацавалі сцэнар, у якім спалучылі і песні, і цікавыя рытуалы народных вяселляў. Першы момант, гэта калі маладыя і ўвесь вясельны поезд праходзілі пад ручніком, які раней быў своеасаблівым абярэгам і азначаў уваход у новае жыццё. Жаніха і нявесту сустракалі з хлебам на ручніку, які ў якасці сімвала багацця і дабрабату ўручылі сямейнай пары. Далей адбывалася звычайная цырымонія пад марш Мендэльсона, вядомая нам яшчэ з савецкіх часоў, але на цудоўнай беларускай мове. Пасля таго, як маладыя атрымалі свой першы сямейны дакумент і абмяняліся пярсцёнкамі, іх чакалі своеасаблівыя выпрабаванні: трэба было запаліць свечкі з аднаго сямейнага агню (каб быў мір), нявесту садзілі на дзяжу (каб нарадзілася многа дзяцей), маладому трэба было змалоць першую жменю зярнятак і насыпаць маладой у гаршчок, пачаставаць адзін аднаго мёдам. Атрымалі Алеся і Аляксей і падарункі: цвік — як сімвал мужчынскага пачатку, медныя грошы, якія малады паклаў у боты для багацця, галоўку часнаку — каб ніхто не зачараваў, абярэг — лялька-неразлучнікі, каляровы паясок — каб «кожны год нараджаліся ці дочка, ці сынок»… Маладых абсыпалі жытам — на шчасце, а яшчэ нявеста кінула сваім дружкам клубок, каб хутчэй выйшлі замуж. У канцы мерапрыемства вясельны поезд выйшаў пад ручнікамі… Гэта вяселле было цікавае не толькі элементамі народнага абраду, але і тым, што злучаліся ў адно беларуска і расіянін, для якога народнае вяселле было як уваходжанне ў традыцыі таго народа, з якім ён цяпер звязаны кроўна.
Фота аўтара. Свежие новости:
Предыдущие новости:
|
© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»
Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.
При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by
Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies