Фінальны канцэрт “Купалаўскія вакацыі” адбыўся ў Харужанцах Печать E-mail
Автор: Мастерова   
24.06.2010 10:05

Гэты канцэрт можна было назваць “Вакацыі з Янкам Купалам і Уладзімірам Караткевічам” – менавіта іх вершы часцей за ўсё станавіліся асновай для стварэння музычных твораў. Песні гучалі ў рознай манеры выканання, на розныя тэмы, але кожны з 17 бардаў укладваў у свой твор столькі душы і сэрца, што, не ведаючы слоў і музыкі, хацелася падпяваць – не, нават крычаць уголас. А некаторыя гледачы пад уражаннем танцавалі пад дажджом.

Вядучая канцэрта, навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, бард Кацярына Ваданосава змястоўна расказвала пра кожнага ўдзельніка, і пасля такой прэзентацыі было цікава нават толькі паглядзець на гэтых людзей. Першай выступала Ірына Лой, тэолаг і оперная спявачка, навуковы спецыяліст па праблемах ісламу ў Беларусі. Магутны звонкі голас перадаваў эмоцыі, выкліканыя вершам М. Багдановіча “Каб агонь у душы не згасаў ніколі” і ўрыўкам з паэмы Я. Коласа “Сымон-музыка”.

kupala5

Саліст Белдзяржфілармоніі Сяргей Клачкоў закрануў струны душы песнямі на словы У. Сыса “Птушка трохкрылая” і У. Караткевіча “Дарогі”.

Самая маладая ўдзельніца фестывалю Наталля Варывончык спявала ўласную песню “Прытулак сонца” пра Беларусь. Пра любую Радзіму расказвала ў песні і эканаміст-аналітык Таццяна Котава. А самы старэйшы ўдзельнік са слуцкага раёна Міхаіл Вітко звярнуўся да гледачоў з творамі “Захавай сваю мову” і “Турыст-валацуга”.

kupala4

Вясёлымі песнямі “Пірацкая”, “Ветразь на Нямізе” сагрэў прысутных кандыдат навук, прадпрымальнік, дырэктар юрыдычнай фірмы Максім Знак. У такім жа настроі прагучала песня “Фэлькава вяселле” на словы Я. Купалы ў выкананні Віталя Мурзіча. А магістр гісторыі, фізік-ядзершчык Цімафей Авілін прымусіў гледачоў скандзіраваць пад песню “Савецкая Беларусія – слушная газета”.

Павел Сілівончык быў прадстаўлены як нестандартны бард, бо выконваў песні пад акардыён.

kupala

Чароўнымі пералівамі гітарных струн, шчымлівымі словамі запомніліся песні “Шчара” і “Дзяды” ў выкананні рок-барда Яўгена Барышнікава. Раман Яраш – удзельнік гурта аўтэнтычнага спеву “Кудзьмень” – спяваў зноў жа на словы У. Караткевіча. А Андрэй Касцень, лаўрэат розных музычных фестываляў, задаваў пытанні і адказваў на іх у песні на словы народнага песняра “Хто ты гэткі?”

Надвор’е не стрымалася, і дождж пайшоў моцны, але бард Міхась Бараноўскі паспеў праспяваць пад парасонамі шыкоўныя інтэрпрэтацыі з паэмы У. Караткевіча.

kupala3

Далей канцэртная дзея перамясцілася ў тэатральную залу музейнага будынка: месца ў невялікім памяшканні хапіла ўсім, бо на чацвёртай гадзіне выступленняў засталіся толькі самыя апантаныя гледачы. Тут выконвалі музычныя кампазіцыі гурты “Хорціца”, “Scales”, “SKRIZHALY”, “Relikt”, а таксама адбылося ўзнагароджанне самых, на думку журы, таленавітых.

І вось літаратурны аглядальнік газеты “Советская Белоруссия» Людміла Рублеўская, аўтар і выканаўца песень Вольга Акуліч, начальнік аддзела культуры Лагойскага РВК Алег Дуганаў і іншыя члены журы разам са старшынёй, дырэктарам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Аленай Мацівасян, назвалі імёны лаўрэатаў.

Гран-пры, тэлевізарам, быў узнагароджаны Андрэй Касцень.

kupala6

Дзявочы гурт “Scales” атрымаў права правесці відэаздымкі канцэрта або відэакліпа за самае лепшае выкананне песні на верш Я. Купалы.

kupala1

Відэападтрымку абяцалі і Цімафею Авіліну за найлепшую прэзентацыю песні. Каштоўным прызам быў узнагароджаны Максім Знак за самае лепшае спалучэнне тэксту і музыкі. Яўген Барышнікаў быў адзначаны ў намінацыі “найлепшая аўтарская песня”. У акцыі “Летнія канцэрты ОНТ” атрымаў права ўдзельнічаць гурт “SKRIZHALY”. А гурту  “Relikt” прадстаўнік газеты “Туризм и отдых” паабяцаў правесці фотасесію і выдаць канцэртны плакат.

Усе ўдзельнікі атрымалі ў якасці памятных прызоў зборнікі Я. Купалы “Жыве Беларусь”, выдадзеныя ў 1993 г., і медалі з лагатыпам “Акопы”. Алена Мацівасян запрасіла прысутных удзельнічаць у Свяце песні і паэзіі ў Вязынцы 4 ліпеня, а таксама ў Купальскай начы 6 ліпеня. Яна таксама паабяцала прадаставіць усім удзельнікам фестывалю месца ў музеі для правядзення канцэртаў.

“Купалаўскія вакацыі” адбыліся ўпершыню, прайшлі, нягледзячы на халоднае надвор’е, у цёплай і шчырай атмасферы. Барды спявалі пад дажджом, а мясцовая жыхарка, нягледзячы на холад, палола бульбу на полі побач з музеем — кожны займаўся сваёй справай…

kupala2

 Хочацца толькі спадзявацца, што ў наступным годзе ў гэтым фестывалі прымуць удзел і тыя, хто зараз піша і спявае песні ў раёне, дзе адбылося творчае нараджэнне Янкі Купалы.
Алена Масцерава. Фота аўтара.

Свежие новости:
Предыдущие новости:
 

Последние комментарии

Вы тут:   Logoysk.by Новости Культура Фінальны канцэрт “Купалаўскія вакацыі” адбыўся ў Харужанцах

© 2010 ГУ «Редакция газеты «Родны Край»

Газета «Родны Край» издаётся с 17 января 1931 года.
Региональный портал «Логойск.by» работает с августа 2009 года.

При цитировании материалов сайта, укажите ссылку на logoysk.by

Идея и разработка проекта - P.D.
Поддержка и продвижение - infocenter.by
Хостинг и облачные решения — Active Technologies


Rating All.BY